Вырашыў пісаць сюды і кнігі па ролевых гульнях, якія я прачытаў ад коркі да коркі, бо інакш атрымоўваецца, нібы я ўвогуле нічога не чытаю.
У мяне няпростае стаўленне да Рунквэсту. Ён цікавы — і, магчыма, я калісьці збяруся з духам правесці па яму гульню. Ці не. Не ведаю. У цэлым у мяне ўражанне, што матэрыялы па Рунквэсту не падыходзяць да гульні.
Напрыклад, вось у гэтым бестыарыі Гларанты столькі важкіх тэм. Тролі, у якіх большасць дзяцей нараджаецца з генетычнымі захворваннямі, і іх трымаюць у рабстве. Мараканты, якія разводзяць неразумных людзей як скот (ну, ці гуманоідаў, якія ва ўсім падобныя да людзей). Бру, якія размнажаюцца праз згвалтаванне.
І, тыпа... калі гэта матэрыял для гульні, то хто не пабаіцца несці такое ў сваю гульню? Я пабаюся. Я буду цэнзураваць такое. І мне, напэўна, было б зручней, калі б у гульні загадзя такое адцэнзуравалі — калі каму такое дабро патрэбнае, то самі дададуць.
Такое ўражанне, што RuneQuest з той эпохі, калі ў AD&D 1e была табліца сэкс-паслуг. Але ў D&D з таго часу ўсё такое забралі, а RuneQuest беражна збярог усю такую тэматыку.
І не толькі тэматыку. Сама падача матэрыяла нязручная. Часта згадваюцца імёны і назвы без ніякага паяснення, хто ці што гэта.
І — чэсна, не ведаю, як да гэтага ставіцца. З аднаго боку, Гларанта цікавая. Свет, пабудаваны з рун замест атамаў, дзе міфы праўдзівыя, цікавы. З іншага — гэты свет прадстаўлены ў такой форме, што перад гульнёй трэба ўкласці шмат сіл. І я не ведаю, ці гатовы іх укладаць. Магчыма прасцей проста чытаць матэрыялы пра Гларанту як художнюю літаратуру, а гуляць у нешта іншае.
Вельмі спадабалася. Прыгожыя вершы.
Працягваю дадаваць гульнявыя матэрыялы, калі прачытаў іх як кнігу. І, калі чэсна, для Гларанты гэта пасуе. Таму што не ўяўляю, як гэта выкарыстоўваць у гульні. Ну, то-бок я разумею, можна стварыць шукачоў прыгод з гэтых культаў. Але калі прыносіць гульцам гатовых персанажаў, то ім будзе не так важна, яны з культа Елма ці Арланта. А калі перадбачаецца, што гульцы будуць ствараць сваіх персанажаў, то не будуць жа яны чытаць усе 5 (ці колькі там) кніг Cults of RuneQuest? Яўна ж будуць выбіраць з таго, што ў базавай кнізе.
Такім чынам, я не уяўляю, як гэту кнігу выкарыстаць за сталом. Для каго яна? Што сумна, у ёй ёсць шмат цікавых ідэй. Тое ж апісанне Dragonrise вельмі цікавае! Каб асвяціць храм багіні месяца, імперцы праводзяць велізарны рытуал, удзельнікі якога іграюць роль зорак і планет. Але на рытуал пранікаюць іх праціўнікі і бяруць на сябе роль Кальца Арланта — астранамічнай з'явы, якая з'яўляецца ў розных частках неба. І іх праціўнікі не могуць рухацца: яны звязаныя магіяй з зоркамі і вераць, што калі яны зсунуцца з месца, неба ўпадзе! А Кальцо Арланта рухацца можа, бо і звязанае нябеснае цела можа рухацца. Гэта ж так прыгожа! І дэкарацыі (танец планет, песня нябёсаў), і ідэя (стаць часткай рытуалу, каб яму перашкодзіць). Як было б цікава ў гэта пагуляць! Але ў кніге гэта не матэрыял для прыгоды. Гэта падзеі, якія адбыліся без нас. І вось так з усёй кнігай.
Спадабалася. (Дадана ў чэрвені: таксама гл. каментар пра «Елаўфэйс».)
Хутчэй спадабалася, ніж не. Ёсць цікавыя моманты, але ёсць і няўдалыя.
Спадабалася. Кніга добра паказвае, як капіталізм скажае пісьменніцтва: застаўляе бачыць у іншых або канкурэнта_к, якіх трэба абагнаць і ўтаптаць у граць, або рэсурс, крыніцу для сваіх гісторый.
Я думаў напісаць, што «Елаўфэйс» мне спадабаўся болей за «Вавілон» — але, зрэшты, «Елаўфэйс» паясняе і тое, чаму «Вавілон» атрымаўся такім, які ён ёсць. «Вавілон» мне здаўся занадта шырокім: ён ахоплівае шмат тэм, і мне здалося, што атрымалася б лепей, калі б яго раздзяліць на некалькі асобных кніг: асобна пра Робіна і пра Рамі, асобна пра Віктуар і пра Лэці, асобна пра студэнтаў і рабочых. «Елаўфэйс» паказвае, што кніжная індустрыя чакала ад Афіны вузкай тэматыкі, толькі твораў пра азіятаў. І — напэўна тое ж было IRL з «Вавілонам»? Рэбецы Кван давялося зрабіць напаўкітайца Робіна галоўным героем, каб прадаць кнігу, а ёй хацелася напісаць нешта іншае? Сам «Елаўфэйс» таксама такі: агульначалавечая гісторыя загорнутая ў гісторыю пра расізм. Ці не таму, што ад Рэбэкі Кван чакаюць гісторый пра расізм?
Добрыя вершы (і не толькі). Пад час чытання некаторых хацелася плакаць, але калі паплакаў, стала лягчэй.